Жылуновіч Зміцер Хведаравіч (Цішка Гартны) 2

Біяграфія акадэміка Жылуновіча Зміцера Хведаравіча

Беларускі пісьменнік, паэт, драматург, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, акадэмік Беларускай акадэміі навук (1928), член СП Беларусі з 1934 Цішка Гартны нарадзіўся 4 лістапада (23 красавіка па ст. стылю) 1887 года ў мястэчку Капыль Слуцкага павета. Мінскай губерні ў сям'і беззямельнага селяніна.

Бацька яго працаваў гарбаром, а маці падзёншчыцай. Вучыўся спачатку ў прыватных настаўнікаў (т. зв. «дарэктараў»). У 1905 годзе скончыў двухкласнае вучылішча ў Капылі. Працаваў пастухом па найму, з 1906 года ў гарбарнай майстэрні. Ад бацькі Зміцер навучыўся добра чытаць па-стараславянску. Падручнікамі былі евангелле, часаслоў і псалтыр. У 1903 годзе у Капылі ствараецца сацыял-дэмакратычная арганізацыя. З 1904 года юнак Жылуновіч прымае ў рабоце арганізацыі актыўны ўдзел, а ў 1906 ён выбраны членам камітэта гэтай арганізацыі. К гэтаму часу ён прачытаў ужо многа кніг з бібліятэкі сацыял-дэмакратаў. Сярод іх былі творы Нікіціна і Някрасава, Чэхава і Надсана, Талстога і Горкага.

У 1909 годзе, пасля закрыцця гаспадаром гарбарні, у пошуках работы аб'ездзіў многія гарады Беларусі, Літвы і Украіны. У 1910 годзе выдаваў рукапісны літаратурна-грамадскі часопіс «Заря», у 1911 супрацоўнічаў і быў рэдактарам першых нумароў часопіса «Голос низа» з дадаткам «Вольная думка». У 1912 годзе Ц. Гартны працаваў гарбаром у Ковенскай губерні, вёў прапагандысцкую работу. У 1913 пераехаў у Пецярбург, працаваў на заводзе «Вулкан», быў членам таварыства «Знание» і між-раённага аб'яднання сацыял-дэмакратаў. Сябры дапамагалі Ц. Гартнаму атрымаць работу ў выдавецтве «Новый человек». У 1915 быў мабілізаваны ў войска, але праз месяц яго адпусцілі. У 1916 працаваў у Беларускім бежанскім камітэце і выдаваў газету «Дзянніца», якая пасля закрыцця ў 1915 «Нашай нівы» адыграла вялікую ролю ў гур-таванні беларускіх рэвалюцыйных сіл.

Вялікую Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю Ц. Гартны ўспрыняў як сваю рэвалюцыю і першым з беларускіх пісьменнікаў вітаў яе. Рэвалюцыя акрыліла паэта, спрыяла прыліву новых творчых сіл, ён становіцца сакратаром Беларускага нацыянальнага камісарыята пры Наркамаце РСФСР. Некаторы час рэдагаваў «Дзянніцу» — першую савецкую газету на беларускай мове. У кастрычніку 1918 Прэсненскі райком партыі Масквы прыняў яго ў РКП(б). Уваходзіў у склад бюро Беларускай секцыі РКП(б). 3 1.1.1919 старшыня часовага рабоча-сялянскага Савецкага ўрада Беларусі. Як сведчаць многія крыніцы, быў і аўтарам яго маніфеста. 3 сакавіка 1919 — рэдактар-выпускаючы і сакратар газеты «Красная заря» (Харкаў), з чэрвеня таго ж года — палітработнік у штабе 14-й арміі, якая вяла баі супраць дзянікінцаў. Пазней пр'ацаваў у штабе Заходняга фронту ў Смаленску. У 1921 пераехаў у Мінск. Быў рэдактарам газеты «Савецкая Беларусь», часопіса «Полымя», узначальваў Дзяржаўнае выдавецтва БССР і Цэнтральны. архіў БССР, працаваў намеснікам Наркома асветы БССР і загадчыкам Галоўмастацтва, у Інстытуце гісторыі АН БССР, загадваў выдавецтвам АН БССР. У 1923 пленум ЦК КП(б)Б прыняў пастанову аб прысваенні Ц. Гартнаму звання народнага паэта Беларусі, аднак выканана пастанова не была. Член ЦБ КП (б) Б (31.12.1918—4.3.1919), кандыдат у члены ЦК КП(б)Б (10.1.1927—6.2.1929), член ЦВК БССР у 1920—31. 16.1.1931 пастановай ЦКК КП(б)Б бьгў выключаны з партыі з фармуліроўкай «за свядомае правядзенне нацыянал-апартуністычнай і нацыянал-дэмакратычнай лініі, за ўдзел у антыпартыйных групоўках у КП(б)Б, за сувязь з чужымі і варожымі справе пралетарыяту нацдэмаў-скімі і фашысцкімі элементамі...». ЦКК ВКП(б) на пасяджэнні 15.3.1931 пацвердзіла пастанову ЦКК Кампартыі Беларусі. Улічваючы заяву Ц. Гартнага аб прызнанні сваіх памылак і прадстаўленую яму характарыстыку партарганізацыяй завода «Камунар», Прэзідыум ЦКК ВКП(б) палічыў магчымым перагледзець гэту пастанову праз год. Аднак гэта рашэнне не было перагледжана. 15.11.1936 арыштаваны органамі НКУС. У час знаходжання ў Мінскай турме катаваўся, быў абвешчаны псіхічна хворым. 7.4.1937 пераведзены ў Магілёускую псіхіатрычную лячэбніцу, дзе, паводле афіцыйнай версіі, памёр ад гангрэны лёгкіх, у сапраўднасці ж — скончыў жыццё самагубствам. 15.10.1955 Ц. Гартны быў рэабілітаваны ў грамадзянска-прававых адносінах. У 1987—88 адбылася поўная палітычная рэабілітацыя.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1908 на старонках «Нашай нівы». Газета аказала вялікі ўплыў на яго перакананні, на фарміраванне таленту. Раннія творы Ц. Гартнага публікаваліся таксама ў капыльскіх рукапісных выданнях, у альманаху «Маладая Беларусь», настольных календарах. Асобныя вершы і нарысы друкаваліся ў газетах «Звезда» і «Правда» (1912—13). У 1913 выйшаў зборнік «Песні». Матывы дарэвалюцыйных вершаў навеяны рэвалюцыйна-вызваленчым рухам., Шмат увагі ўдзяляў праблемам беларускага адраджэння («Да Нёмана», «Сявец», «Роднай краіне», «Каваль», «Да надзеі»). Роздум пра «васкросшую краіну каханую» прасякнуты пачуццём гатоўнасці да рэвалюцыйнага змагання ў адзінстве з братнімі народамі. Новай для беларускай паэзіі была рабочая тэматыка, якую паэт распрацаваў у цыкле вершаў, прысвечаных гаротнай долі вандроўных гарбароў. Значнае месца займаюць вершы, у якіх паэтызуецца сялянская праца («Касьба», «Песня жняі»). У паслякастрычніцкі час выйшлі зборнікі вершаў «Песні працы і змагання», «Урачыстасць». У лепшых вершах гэтых кніг перададзены дух часу, імкненні абуджанага рэвалюцыяй чалавека працы. Талент Ц. Гартнага як мастака слова найбольш праявіўся ў прозе. Першыя апавяданні былі напісаны ў дакастрычніцкі час. Па форме гэта лірычныя мініяцюры, характэрныя для літаратуры нашаніўскага перыяду («Насустрач узышоўшаму сонцу», «Думкі», «На ўсходзе сонца», «Адвячоркам»). Найбольш значныя апавяданні савецкага часу ўвайшлі ў зборнікі «Трэскі на хвалях» і «Прысады». У іх адлюстраваны складаныя сацыяльна-псіхалагічныя канфлікты. Пісьменнік паказвае, як у класавым грамадстве пагроза галоднай смерці разбурае традыцыйныя ўстоі народнай маралі («Штрэйкбрэхер», «Распусніца»). У творах пра грамадзянскую вайну паказаны складаны шлях пераадолення радавым удзельнікам класавай бітвы духоўнай абмежаванасці («Чырвонаармеец Панкел Ліпа»), трагічныя вынікі, да якіх прыводзіць няразвітасць нацыянальнай самасвядомасці («Бегунец»). Паставіўшы героя перад сітуацыяй выбару, Ц. Гартны па-наватарску вырашаў маральныя канфлікты часу і тым самым зрабіў значны ўклад у развіцдё прозы. Шмат увагі пісьменнік звярнуў на праблему станаўлення новай інтэлігенцыі. У 1914—29 працаваў над раманам «Сокі цаліны», дзе адлюстраваў жыццё розных сацыяльных слаёў у мястэчках і гарадах перадкастрычніцкага часу. Напісаў п'есы «Хвалі жыцця», «Сацыялістка», «На стыку», «Дзве сілы». Выдаў зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў «Узгоркі і нізіны», у якім змешчаны аглядныя артыкулы, палемічныя нататкі і артыкулы пра творчасць буйнейшых беларускіх пісьменнікаў. У палемічным запале недаацэньваў ролі «Узвышша»., Шэраг публіцыстычных артыкулаў па гісторыі беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху і ўспаміны пра ўтварэнне БССР Ц. Гартны змясціў у 20-я г. у часопісе «Полымя». Пераклаў на беларускую мову раман А. Фадзеева «Апошні з Удэге».

Быў знаёмы і падтрымліваў сяброўскія і творчыя сувязі з многімі выдатнымі савецкімі і зарубежнымі пісьменнікамі. Вёў перапіску з Ю. Фучыкам, 3. Неедлым, I. Бехерам, Ф. Вейскопфам і інш.

Ц. Гартны з’яўляўся не толькі пісьменнікам, выдатным публіцыстам і грамадскім працаўніком, але і буйным дзяржаўным дзеячом. Ён шматразова выбіраўся членам ЦВК БССР і Савета Нацыянальнасцей СССР.

Ц. Гартны займаў рад адказных пасад. Ён быў рэдактарам газеты “Савецкая Беларусь” і часопіса “Полымя”, дырэктарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, намеснікам міністра асветы БССР, членам Інстытута беларускай культуры, членам калегіі гістпарта, старшынёй Беларускага таварыства культурнай сувязі з заграніцай і г.д. З 1928 г. ён правадзейны член Акадэміі навук БССР.

 

Папярэдняя старонка    2    Наступная старонка

1 2