Биобиблиографический указатель 2


Краткий очерк научной, научно-организационной, государственной и общественной деятельности

 

КАРЫФЕЙ НАВУКІ XX СТАГОДДЗЯ

Гаварыць і пісаць пра В.Ф. Купрэвіча і аналізаваць яго ўклад у развіццё грамадства і навукі лёгка і ў той жа час складана. Час (каля 40 год), які прайшоў пасля смерці Васіля Феафілавіча, дазваляе аб’ектыўна ацаніць галоўныя этапы яго творчай і дзяржаўнай дзейнасці, што супалі з магістральнымі падзеямі XX стагоддзя і падпарадкавалі асноўныя тэндэнцыі эпохі прагрэсіўным патрабаванням таго часу. Немагчыма да канца асэнсаваць шматбаковую дзейнасць такога чалавека, бо пры гэтым заўсёды застаецца нешта непазнанае з-за універсальнасці і ўсеабдымнасці, якія ўласцівы яго навукова-грамадскай творчасці.

Шырокая эрудыцыя, уменне акумуліраваць веды дазволілі В.Ф. Купрэвічу выкрысталізаваць важнейшыя дасягненні многіх біялагічных навук, інтэграваць іх і тым самым закласці асновы новых напрамкаў, якія набылі сёння значнасць навуковых традыцый.

Як асоба В.Ф. Купрэвіч сфарміраваўся дзякуючы ўласцівай яму прыроднай якасці – самадасканаласці. Выхадца з сялянскай сям’і, галава якой быў вымушаны з-за беззямелля наняцца на працу да пана лесніком, Васіль Феафілавіч з дзяцінства палюбіў родную прыроду, лес і асабліва грыбы. Ужо тады ён навучыўся адрозніваць ядомыя грыбы ад атрутных. Узнікшая цяга да ведаў развівалася ў Дзвінскай пачатковай школе, куды бацькі аддалі хлопчыка ў 1906 г., а затым у Смалянскай сельска-гаспадарчай школе, дзе прыродазнаўчым навукам надавалася асаблівая ўвага.

Далей быў невялікі перыяд, які ўключаў вучобу ў школе юнг (1913 г.) і службу ў якасці матроса на мінаносцы «Самсон». У той час адбылося грамадскае і палітычнае станаўленне В.Ф. Купрэвіча, прыняцце ім ідэй Кастрычніцкай рэвалюцыі. У складзе каманды мінаносца В.Ф. Купрэвіч у 1917 г. прымае ўдзел у баях Балтыйскага флота з нямецкім марскім флотам, які імкнуўся адкрыць сабе свабодны шлях на бліжэйшых падыходах да Петраграда. У званні старшага камендора Купрэвіч кіруе артылерыйскім агнём і наносіць паражэнне двум варожым мінаносцам. Пасля адбіцця нападу варожых караблёў «Самсон» быў накіраваны ў Петраград, дзе знаходзіўся паблізу легендарнага крэйсера «Аўрора». Па ўспамінах В.Ф. Купрэвіча, «Самсон» не мог адкрыць агонь па палацы, таму што стаяў у нязручным месцы, але каманда зыходзіла на бераг, каб далучыцца да атрадаў, якія атакавалі Зімовы палац. Разам з камандай мінаносца В.Ф. Купрэвіч прымаў удзел у штурме Зімняга палаца і звяржэнні Часовага ўрада. У 1918 г. Васіль Феафілавіч з-за хваробы быў дэмабілізаваны.

В.Ф. Купрэвіч вярнуўся на Беларусь. Спачатку працаваў настаўнікам у Кальнікаўскай пачатковай школе, потым стаў выкладаць прыродазнаўства ў Смалявіцкай сярэдняй школе. У гэты час ідэя самаўдасканалення выйшла за рамкі ўнутранага развіцця, што праявілася ў стылі выкладання прадмета. Спрабуючы звязаць прыродазнаўства з глыбокім пазнаннем навакольнага асяроддзя, Васіль Феафілавіч прыдаваў феналагічны характар школьным экскурсіям у лес, поле, на рэчку. Сезонныя назіранні за жыццём раслін, грыбоў і жывёл спалучаліся з адзначаемымі змяненнямі кліматычных фактараў, з аховай навакольнага асяроддзя. Па сутнасці, В.Ф. Купрэвіч ужо тады закранаў пытанні экалогіі і, можна сказаць, з’явіўся адным з першых арганізатараў прырода-ахоўнага руху на Беларусі. Цікавасць да ўмоў росту грыбоў, іх сувязі з раслінамі і прыстасаванасці да пэўных месцазнаходжанняў была рэалізавана дзякуючы тэарэтыка-біялагічнаму падыходу. Не выпадкова ў 1926-1931 гг. з’явіўся шэраг арыгінальных артыкулаў па пытаннях правядзення прыродазнаўчых экскурсій у летні і зімовы час, а таксама навуковыя працы па вывучэнню флоры шляпкавых грыбоў. Стварэнне школьнага гербарыя з’явілася базай для выдання ў 1931 г. кнігі «Грыбы Смалявіцкага раёна», у якой прыведзены спіс 237 відаў сумчатых і базідыяльных грыбоў, указана месца іх збору, ахарактарызаваны асаблівасці плодаўтварэння і магчымасці іх ужывання. Адначасова з працай у школе Васіль Феафілавіч завочна вучыўся ў Маскоўскім інстытуце павышэння кваліфікацыі кадраў народнай асветы, які скончыў у 1931 г.

У 1930-х гг. інтэлектуальны патэнцыял В.Ф. Купрэвіча дасягнуў таго ўзроўню, калі далейшае духоўнае развіццё стрымлівалі рамкі школы з-за характэрнай для гэтай структуры строгай канкрэтнасці мэт і задач, якія абмяжоўвалі шырыню эрудыраванасці і прыдавалі ёй аднанакіраванасць. Пераход у другую сферу дзейнасці быў непазбежны. У 1931 г. Васіль Феафілавіч паступіў у аспірантуру Акадэміі навук БССР і быў накіраваны ў Ленінград у Батанічны інстытут АН СССР. Тут пад кіраўніцтвам вядомых вучоных – фізіёлага В.М. Любіменка і міколага В.А. Траншэля – ён займаўся вывучэннем грыбоў, акцэнтуючы ўвагу на іх функцыянальнай дзейнасці і характары ўздзеяння на фізіялагічныя працэсы раслін, што давала магчымасць падысці да высвятлення прыроды іх шкоднасці.

У 1934 г., пасля заканчэння аспірантуры і абароны кандыдацкай дысертацыі на тэму «Да фізіялогіі хворай расліны. Фізіялагічныя даныя аб шкаданоснасці некаторых грыбных і вірусных хвароб культывіруемых раслін», В.Ф. Купрэвіч вярнуўся ў Акадэмію навук БССР. Працуючы старшым навуковым супрацоўнікам у 1934-1938 гг., ён выканаў у Інстытуце біялогіі АН БССР шэраг цікавых работ па пытаннях фітапаталогіі, напрыклад «Задачы і метады вывучэння хваробы сельскагаспадарчых раслін», «Атрутнае ўздзеянне некаторых металаў на споры паразітных грыбоў», «Вызначальнік паразітных грыбоў па спажыўных раслінах флоры БССР», «Вірусныя хваробы бульбы» і інш.

У працы В. Ф. Купрэвіча «Распаўсюджанасць і шкаданоснасць вірусных хвароб бульбы БССР і меры барацьбы з імі» абагульнены матэрыялы абследавання пасадак бульбы ў 38 раёнах Беларусі.

У 1937 г. В. Ф. Купрэвіч пачаў вельмі цікавае даследаванне па пытанні аб засваенні раслінай глебавай вуглекіслаты. Вынікі гэтых эксперыментаў паказалі безумоўную здольнасць раслін выкарыстоўваць у працэсе фотасінтэзу вуглекіслату не толькі паветра, але і глебавага раствора. Аўтар апублікаваў гэтыя вынікі толькі пасля працяглай праверкі і абнародаваў іх у 1940 г. на Усесаюзным з’ездзе фізіёлагаў раслін.

Далейшыя даследаванні вучоных, выкананыя з дапамогай мечаных атамаў, пацвердзілі эксперыментальныя даныя В.Ф. Купрэвіча і паказалі, што расліна можа паглынаць з глебы да 20% усёй выкарыстоўваемай вуглекіслаты. Удалося таксама растлумачыць і механізм паглынання глебавай вуглекіслаты.

Пытанне аб засваенні глебавай вуглекіслаты з’явілася цікавым і з практычнага боку. Па-новаму цяпер пачалі разглядаць угнаенне глебы вапнай. Такое ўгнаенне ўзмацняе вугляроднае жыўленне раслін, якое ў дадзеным выпадку адбываецца ў значнай меры праз каранёвую сістэму.

Аднак адсутнасць у інстытуце належнага лабараторнага абсталявання і рэактываў вызначыла перавагу ў эксперыментах эмпірычнага падыходу. Прыйшлося засяродзіцца ў асноўным на фітапаталагічным метадзе пры вывучэнні вірусных і бактэрыяльных хвароб. Поспех гэтых даследаванняў быў наяўны. Было апублікавана некалькі аглядаў і «Вызначальнік паразітных грыбоў па спажыўных раслінах флоры БССР» (1938). Тым не менш заставалася незадаволенасць з-за немагчымасці выкарыстання фізіёлага-біяхімічнага і мікрабіялагічнага падыходаў у вывучэнні прыроды фітапаразітных з’яў. Акрамя таго, абстаноўка падазронасці і неабгрунтаваных палітычных рэпрэсій да многіх прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, якая склалася ў выніку ўсталявання таталітарнага рэжыму, заглушала жывы імпульс, неабходны для развіцця творчага працэсу. Да таго ж у Васіля Феафілавіча з’явіліся дастаткова важкія прычыны лічыць, што падобнае становішча можа ўзнікнуць і для яго, калі ён застанецца ў інстытуце. У 1938 г. ён пакінуў Беларусь і праз некаторы час уладкаваўся на пасаду навуковага супрацоўніка ў Батанічны інстытут АН СССР, дзе яго ведалі як здольнага даследчыка і арганізатара навуковага эксперыменту. Васіль Феафілавіч поўнасцю аддаўся навуковай працы.

Ленінградскі перыяд (1938-1952 гг.) быў найбольш плённы ў творчай дзейнасці В.Ф. Купрэвіча. На падставе паглыбленага вывучэння роднасных сувязяў паміж відамі грыбоў і бактэрый Васіль Феафілавіч разгледзеў рухаючыя сілы эвалюцыі гетэратрофных арганізмаў і даў вызначэнне віда ніжэйшых раслін.

Паралельна праводзіліся даследаванні прыроды ўзаемаадносін гетэра- і аўтатрофных арганізмаў, якія дазволілі растлумачыць шляхі ўдасканальвання аблігатных паразітаў і абгрунтаваць новы напрамак у біялогіі – фізіялогію хворай расліны як навуку, якая раскрывае сутнасць паталагічных і імуналагічных рэакцый, што ўзнікаюць пры пашкоджанні раслін разнастайнымі ўзбуджальнікамі хвароб. Гэтыя палажэнні выкладзены ў доктарскай дысертацыі, якая была абаронена В.Ф. Купрэвічам у ваенным 1942 г.

У кандыдацкай і доктарскай дысертацыях В.Ф. Купрэвіча выступае адна з асноўных тэм яго навуковых пошукаў і даследаванняў. Гэта фізіялогія грыбоў-паразітаў і пашкоджанай імі расліны.

В.Ф. Купрэвіч эксперыментальна ўстанавіў, што ўздзеянне інфекцыі распаўсюджваецца на ўсе жыццёвыя функцыі расліны: змяняецца энергія фотасінтэзу, узмацняецца дысіміляцыйны працэс, парушаюцца водны рэжым і агульная каардынацыя работы ферментнага апарату. Вынікам інфекцыйных захворванняў раслін з’яўляюцца зніжэнне іх жыццядзейнасці і заўчасная гібель.

Жыццё і праца ў блакадным Ленінградзе выявілі высокі маральны воблік Васіля Феафілавіча. Бязмежная любоў да навукі надавала яму сілы, каб ва ўмовах моцнага голаду захаваць буйнейшыя ў свеце калекцыі грыбоў, лішайнікаў, раслін. Гэты каштоўны генафонд не быў «з’едзены» толькі таму, што арганізатарскі талент Васіля Феафілавіча дапамог знайсці іншыя шляхі для фізічнага выжывання супрацоўнікаў БІНа. Адначасова ішла напружаная навукова-даследчая работа, збіраўся матэрыял, абагульненне якога выкладзена ў пасляваенных публікацыях, такіх, як «Фізіялогія хворай расліны ў сувязі з агульнымі пытаннямі паразітызму» (1947), «Праблема відаў у гетэратрофных і аўтатрофных раслін» (1949), «Хваробы канюшыны і люцэрны: Вызначальнік» (1954), «Ржаўчынныя грыбы СССР» (1957).

Гэты перыяд творчай дзейнасці В.Ф. Купрэвіча сфарміраваў яго як асобу. Ён няспынна імкнуўся да вывучэння прыроды і адначасова быў выдатным арганізатарам. Дзякуючы гэтым якасцям Васіль Феафілавіч у 1949 г. стаў дырэктарам Батанічнага інстытута АН СССР. На гэтым пасту ён усебакова садзейнічаў развіццю даследаванняў, якія не ўваходзілі ў агульнапрынятыя рамкі «афіцыйнай навукі». Гэта выклікала ў супрацоўнікаў інстытута ўсеагульную павагу да свайго кіраўніка, які стварыў у калектыве атмасферу высокай маральнасці, даверу к даследаванням кожнага вучонага, што спрыяла рабоце ў поўную сілу. Крытэрыем адзнакі навуковага ўзроўню супрацоўнікаў з’явіліся веды, кампетэнтнасць і высокі прафесіяналізм. Да гэтага часу старэйшыя супрацоўнікі БІНа з удзячнасцю ўспамінаюць гады, калі ў інстытуце працаваў Васіль Феафілавіч.

У Батанічным інстытуце В.Ф. Купрэвіч праявіў жывы інтарэс да праблем сістэматыкі, віда і эвалюцыі. У 1940 г. выйшла ў свет кніга «Аб паходжанні і эвалюцыі паразітызму ў грыбоў». У гэтай працы пераканаўча паказана, што гэтую складаную праблему неабходна вырашаць перш за ўсё ў адаптыўных змяненнях ферментнага апарату, складам і характарам якога вызначаюцца асноўныя біялагічныя якасці грыбоў, напрыклад спосаб жыўлення і характар уплыву на субстрат.

У 1949 г. В.Ф. Купрэвіч выступае з дакладам «Від як этап эвалюцыі ў гетэратрофных і аўтатрофных раслін». У гэтай працы ён не толькі дае вычарпальную характарыстыку віду, але і дэталёва разглядае пытанне аб рухаючых сілах эвалюцыі, шляхах даследавання працэсаў, якія вызначаюць асобныя этапы эвалюцыі гетэра- і аўтатрофных арганізмаў. У гэтым жа годзе была апублікавана яго праца «Пазаклетачныя ферменты каранёў вышэйшых аўтатрофных раслін», у якой упершыню было паказана, што набор пазаклетачных ферментаў каранёў вышэйшых раслін па свайму складу не адрозніваецца ад набору ферментаў сапрафітных грыбоў, што дазваляе расліне выкарыстоўваць глебавыя арганічныя злучэнні ў якасці крыніцы жыўлення. Адсюль спрыяльнае ўздзеянне арганічных угнаенняў на рост раслін, як культурных, так і дзікарослых.

У 1951 г. выйшла ў свет кніга В.Ф. Купрэвіча «Біялагічная актыўнасць глебы і метады яе вызначэння». Васіль Феафілавіч праявіў сябе буйным даследчыкам у трох абласцях біялагічнай навукі: мікалогіі, фізіялогіі раслін і глебавай энзімалогіі. Ён заўсёды быў на пярэднім краі навукі, і яго працы з’яўляюцца прыкметным укладам у айчынную біялогію. Дзякуючы гэтаму В.Ф. Купрэвіч карыстаўся павагай і высокім аўтарытэтам сярод вучоных.

У 1952 г. В.Ф. Купрэвіч быў абраны дзейсным членам і прэзідэнтам Акадэміі навук БССР. Акупацыя амаль поўнасцю знішчыла навуковую базу. Будынкі акадэміі былі разбураны, абсталяванне лабараторый знішчана, многія супрацоўнікі загінулі ў партызанах, у падполлі, на фронце, частка эвакуіравалася і не вярнулася. Неабходна было нанава стварыць нацыянальную навуку. Аднаўленне карпусоў і навуковай базы патрабавала вялікіх матэрыяльных і творчых затрат. Становішча ўскладнялася тым, што групе лжэвучоных, некультурных людзей удалося ўзяць верх у біялогіі, кібернетыцы, мовазнаўстве. У іх была добрая працоўная біяграфія, але не было сапраўднага навуковага дару, культуры, адказнасці, што так неабходна вучоным. У кожным навуковым калектыве быў вучоны, якога належала вывесці на чыстую ваду. У Беларусі гэта быў А.Р. Жэбрак, абраны ў 1947 г. прэзідэнтам нашай акадэміі, абвінавачаны на сесіі ВАСХНІЛ (1948) у «вейсманізме і марганізме».

Назначэнне на пасаду прэзідэнта Акадэміі навук БССР акадэміка М.I. Грашчэнкі не запоўніла вакуум, які ўзнік у выніку перамогі фармалізму ў падборы кадраў, што тармазіла развіццё навукі. На пост прэзідэнта быў патрэбны вучоны, які валодаў вялікім тактам і настойлівасцю ў вырашэнні паўсядзённых задач навукі, чалавек з высокім духоўным патэнцыялам, здольны дзякуючы інтэлекту прадбачыць і асэнсаваць асноўныя напрамкі развіцця грамадства, ахапіць свет навукі і накіраваць яго ў русла прагрэсіўных патрабаванняў. Такім вучоным аказаўся В.Ф. Купрэвіч, кандыдатура якога была прапанавана на пост прэзідэнта Акадэміі навук БССР.

Такім чынам, Васіль Феафілавіч прыняў у 1952 г. пад сваё кіраўніцтва «штаб беларускай навукі», размешчаны ў двух будынках: у галоўным корпусе знаходзіліся большасць навукова-даследчых інстытутаў, бібліятэка, інтэрнат аспірантаў, у лабараторным корпусе размяшчаліся інстытуты хіміі, сельскай гаспадаркі, геалогіі. У структуры акадэміі функцыяніравала 3 аддзяленні навук і 16 навукова-даследчых устаноў. Агульная колькасць супрацоўнікаў складала 970 чалавек, з іх 520 – навуковыя супрацоўнікі, сярод якіх было 55 дактароў навук, 165 кандыдатаў навук.

Прааналізаваўшы існуючы стан спраў, Васіль Феафілавіч пачаў сваю дзейнасць на пасту прэзідэнта Акадэміі навук з адраджэння нацыянальнай навуковай школы, без якой немагчымы быў прагрэс у рэспубліцы. Перш за ўсё неабходна было сфарміраваць навуковы інтэлект. Васіль Феафілавіч запрасіў у акадэмію буйных вучоных – М.С. Акулава, Б.I. Сцяпанава, А.Н. Сеўчанку, М.А. Ельяшэвіча, М.П. Яругіна, В.I. Крылова, А.Ф. Лыкава, А.К. Красіна, I.А. Булыгіна, М.В. Турбіна, С.А. Самцэвіча, М.М. Сірату. Яны стварылі новыя навукова-даследчыя ўстановы фізічнага, матэматычнага і біялагічнага профілю, у рамках якіх узніклі арыгінальныя напрамкі. З’явіліся новыя напрамкі і ў функцыяніруючых інстытутах. Некаторыя з іх выдзеліліся ў самастойныя арганізацыі.

В.Ф. Купрэвіч добра разумеў значэнне развіцця ўсіх галін біялогіі, комплекса біялагічных навук для грамадства, для нашага народа і дзяржавы. Ён марыў аб тым часе, калі біялогія будзе сапраўдным лідэрам у прыродазнаўстве. В.Ф. Купрэвіч быў вучоным-рэалістам. Ён разумеў, што пры штурме «цытадэляў прыроды» неабходна ўзаемадзеянне ўсіх «радоў войск» навукі. Без развіцця навук, якія з’яўляюцца асновай сучаснага прыродазнаўства (фізікі, хіміі, матэматыкі, кібернетыкі), немагчымы сапраўдны навуковы прагрэс у сучаснай батаніцы, фізіялогіі, біяхіміі, біяфізіцы, генетыцы, малекулярнай біялогіі. Такая перабудова дыктавалася ўнутранымі патрэбамі развіцця структуры Акадэміі навук і неабходнасцю ўплыву навукі на ўсе сферы дзейнасці грамадства. Васіль Феафілавіч многае рабіў, каб вярнуць у акадэмію незаконна рэпрэсіраваных вучоных. Дзякуючы яго намаганням узнавілі работу А.С. Вечар, М.М. Ганчарык і многія іншыя. Была створана навуковая эліта, што прыдавала працэсу ўзнаўлення кадраў бесперапынны характар.

Фарміраванне навуковага патэнцыялу найбольш цесна звязана з пытаннем абмеркавання маралі навукі. Для Васіля Феафілавіча маральнымі катэгорыямі з’явіліся падыходы ў вырашэнні спрэчак па тых ці іншых навуковых праблемах. Ён абвяргаў метад ацэнкі навуковай працы большасцю галасоў. Толькі добра аргументаваная крытыка і факты з’яўляліся аб’ектыўнымі крытэрыямі пазнання сутнасці. Адданасць навуковай ідэі – вось адзіны прынцып, які характарызуе дзейнасць вучонага. Нацыянальнасць і ўзрост пры гэтым не маюць ніякага значэння.

Да маральных катэгорый належыць пытанне аб тыпе навуковых даследаванняў у акадэмічнай сістэме. Васіль Феафілавіч лічыў, што ў акадэміі патрэбна развіваць толькі фундаментальныя навукі. Планаванне навуковага даследавання з мэтай атрымання прыкладных вынікаў пасабляе выкарыстанню ўжо намечаных шляхоў, а не распрацоўцы новых прыкладных і тым больш тэарэтычных напрамкаў. Гэта тупіковы шлях у навуцы, з маральнага пункту гледжання ён амаральны і бязвыхадны.

Рэдкая працаздольнасць дазваляла В.Ф. Купрэвічу паспяхова спраўляцца з мноствам спраў: накіроўваць работу навуковых устаноў, вырашаць шматлікія фінансавыя і гаспадарчыя пытанні.

Такім чынам, перыяд грамадска-палітычнай дзейнасці Васіля Феафілавіча можна з поўным правам назваць эпохай рэнесанса ў беларускай навуцы, што азнаменавалася яе пад’ёмам і росквітам. Гэты перыяд быў такім таму, што Акадэмію навук узначальваў чалавек, праца якога – узор дасканаласці, закончанасці, інтэлектуальнай адточанасці і філасофскай абагульненасці.

Такі высокі духоўны патэнцыял не мог быць абмежаваны «ведамаснымі» рамкамі. Адначасова з чыста акадэмічнымі В.Ф. Купрэвіч у апошнія гады быў заклапочаны «адвечнымі праблемамі» чалавечага існавання. Арыгінальныя яго меркаванні аб сэнсе і працягласці жыцця, непазбежнасці старэння жывой істоты і абавязковай смерці. Глыбокае тэарэтычнае асэнсоўванне розных біялагічных працэсаў, звязаных з самаўзнаўленнем пратапластаў, прывяло яго да роздуму аб устойлівасці і даўгавечнасці жывога рэчыва. Як ён меркаваў, чалавек можа жыць намнога больш і нават вечна, для чаго трэба пазбавіцца ад хваробы, якая называецца смерцю.

Навукова-арганізацыйная дзейнасць Васіля Феафілавіча ў гэты перыяд пладатворна стасавалася з вывучэннем пытанняў, якія саставілі прадмет яго асабістых даследаванняў. У створаным ім Аддзеле фізіялогіі і сістэматыкі нізшых раслін працягваліся даследаванні сістэматыкі агарыкавых і трутавых грыбоў, а таксама лішайнікаў. Далейшае развіццё атрымалі даследаванні ў галіне фізіялогіі хворай расліны, асноўная ўвага ў якіх была ўдзелена вывучэнню механізмаў, што вызначаюць тып праяўлення рэакцыі, якая ўзнікае ў адказ на пашкоджанне раслін паразітнымі грыбамі.

Значнае месца займала вывучэнне механізмаў пераўтварэння арганічных рэчываў у глебе. Былі пачаты шырокія даследаванні энзіматычнай актыўнасці разнастайных глебаў Савецкага Саюза, Афрыкі, Амерыкі, Антарктыды, на аснове якіх быў зроблены вывад аб тым, што глеба дзейнічае на ўнесеныя рэчывы як ферментны прэпарат і па змяненню актыўнасці апошняга можна меркаваць аб характары працякання ў ёй біялагічных працэсаў. У выніку Васіль Феафілавіч заснаваў новы напрамак у біялагічнай навуцы – глебавую энзімалогію, была апублікавана манаграфія з аднайменнай назвай (1967), сазваны першы Усесаюзны сімпозіум па ферментах глебы, які зафіксаваў нараджэнне арыгінальнага напрамку навукі. У гэтым жа годзе была створана лабараторыя глебавай энзімалогіі, што сведчыла аб арганізацыі навуковай школы ў гэтай галіне ведаў.

Нечаканая смерць В.Ф. Купрэвіча 17 сакавіка 1969 г. не перапыніла гэты творчы працэс. Вынік жыцця Васіля Феафілавіча падвялі не столькі яго навукова-арганізатарская кар’ера, сколькі спадчына і навуковыя паслядоўнікі ў літаральным сэнсе слова. Гэтаму перш за ўсё спрыялі апублікаванне 4-томнага выдання прац В.Ф. Купрэвіча, далейшае развіццё навуковых накірункаў яго вучнямі і паслядоўнікамі. Ём i стая па змесце плённая спадчына Васіля Феафілавіча па сутнасці не вычарпальная. Яна з’яўляецца крыніцай новых ідэй і перспектыў, якія развіваюцца ў Інстытуце эксперыментальнай батанікі, названым яго імем.

Даючы ацэнку жыццю і дзейнасці В. Ф. Купрэвіча з сучасных пазіцый, можна сказаць, што гэта быў вялікі падзвіжнік, які пракладваў шляхі ў нязведанае. Яго жыццё – гэта подзвіг. Аналізуючы вышэй сказанае, падкрэслю наступныя бакі яго дзейнасці.

Па-першае, сваім талентам і творчасцю Васіль Феафілавіч адкрыў шлях новым навуковым напрамкам, унёс неацэнны ўклад у развіццё горача любімай ім біялогіі. У гэтым, на мой погляд, заключаецца асноўны жыццёвы подзвіг Купрэвіча-вучонага.

Не меншы ўклад В.Ф. Купрэвіч унёс у жыццё краіны як арганізатар навукі. Гэта быў выдатны грамадскі дзеяч. Высокі навуковы патэнцыял, які мае Беларусь, створаны пад кіраўніцтвам В.Ф. Купрэвіча. Ён прыклаў шмат сіл для развіцця новых навуковых напрамкаў у галіне фізікі, матэматыкі, хіміі, грамадскіх навук, дзякуючы чаму беларуская навука стала вытворчай сілай грамадства. Такое мог здзейсніць чалавек, які валодаў высокімі духоўнымі якасцямі і не замыкаўся ў сферы «асабістай» навукі, сваім інтэлектам прадбачыў развіццё краіны. Гэта быў подзвіг Купрэвіча – грамадскага дзеяча.

В.Ф. Купрэвіч – інтэрнацыяналіст у шырокім і глыбокім разуменні гэтага слова. Яго навуковыя працы вядомы ва ўсім свеце. Ён многа зрабіў для развіцця навуковых даследаванняў Батанічнага інстытута Расійскай акадэміі навук. Менавіта яму навука абавязана захаваннем каштоўных калекцый грыбоў, лішайнікаў, раслін у блакадным Ленінградзе. Сваім высокім прыкладам ён натхняў супрацоўнікаў на працяг навуковых даследаванняў.

У пасляваенныя гады, узначальваючы гэту сусветна вядомую навуковую ўстанову, В.Ф. Купрэвіч адстойваў перадавыя пазіцыі біялагічнай навукі пасля жнівеньскай сесіі ВАСХНІЛ (1948 г.). З’яўляючыся членам рэдкалегіі «Батанічнага часопіса» – адзінага выдання, якое проціпаставіла навуковыя веды і логіку біялагічнай непісьменнасці, Васіль Феафілавіч разам з рэдактарам В.Н. Сукачовым самааддана абараняў сутнасць у біялогіі. Сваімі навуковымі публікацыямі і выступленнямі ён стрымліваў нашэсце «перадавой мічурынскай біялогіі». Гэта быў вялікі грамадзянскі ўчынак В.Ф. Купрэвіча.

В.I. Парфёнаў, акадэмік, ганаровы дырэктар ІЭБ НАН Беларусі імя В.Ф. Купрэвіча

 

Предыдущая страница    2    Следующая страница

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10