Біябібліяграфічны паказальнік | 2
|
Біяграфія акадэміка
Язэпа Юр'евіча Лёсіка
Вядомы празаік, публіцыст, мовазнавец, літаратуразнавец, палітычны дзеяч, акадэмік Акадэміі навук БССР Язэп Юр'евіч Лёсік нарадзіўся 6 лістапада 1883 года ў вёсцы Мікалаеўшчына Мінскага павета, цяпер Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці.
Бацькі Я.Ю. Лёсіка былі арандатарамі ў князёў Радзівілаў. У сям'і было дзесяцёра дзяцей.
Язэп Лёсік скончыў 2 класы Мікалаеўскага народнага вучылішча. У 1898 г. паступіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, але праз год быў выключаны «за непакорлівасць» без права паступлення ў іншыя навучальныя ўстановы. Адукацыю ўдалося атрымаць у горадзе Ноўгарад-Северскім (Чарнігаўшчына), куды ён пераехаў у 1900 годзе. Там Я. Лёсік скончыў гарадское вучылішча (1902), здаў экзамен пры гімназіі на званне настаўніка народнай школы і хатняга настаўніка пачатковай школы. Вярнуўшыся на Беларусь, настаўнічаў у Бабруйскай сельскагаспадарчай школе, выкладаў рускую мову. 3 1903 года Я. Лёсік працаваў у Грамячанскай школе Ноўгарад-Северскага павета. Там ён актыўна ўключыўся ў нелегальны рух, у 1905 годзе быў арыштаваны за чытанне сялянам газет і каменціраванне тагачасных падзей і зняволены ў Ноўгарад-Северскую турму. У 1907 годзе меўся быць суд у мястэчцы Старадуб, аднак Я. Лёсік уцёк з-пад варты, перахаваўся нейкі час у сваякоў і знаёмых у Стоўбцах. Спрабаваў уцячы за мяжу. У 1911 годзе зноў прыехаў у Ноўгарад-Северскі, дзе ён быў зноў арыштаваны і асуджаны на пажыццёвае пасяленне ў Сібіры (каля г. Кірэнск Іркуцкай губерніі, потым Бадайбо). Там Язэп Лёсік працягваў самаадукацыю і падтрымліваў сувязь з цэнтрамі тагачаснага беларускага культурна-нацыянальнага адраджэння ў Вільні і Пецярбургу, дасылаў карэспандэнцыі, апавяданні і вершы ў газету «Наша ніва».
3 Сібіры на Беларусь Я. Лёсік вярнуўся пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года. Пасяліўся ў Мінску. Уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ), увайшоў у Беларускі нацыянальны камітэт, рэдагаваў яго газету «Вольная Беларусь» (1917—1918). На з'ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый і партый абраны ў Выканаўчы камітэтт Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый, пазней увайшоў у Вялікую беларускую раду. У 1917 годзе Язэп Лёсік быў удзельнікам Усебеларускага з'езда. У час акупацыі Беларусі нямецкімі і польскімі войскамі жыў і працаваў у Мінску. Супрацоўнічаў з Народным сакратарыятам Беларусі, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 25 красавіка 1918 года разам з іншымі кіраўнікамі падпісаў ад імя Рады БНР тэлеграму на імя кайзера Германіі Вільгельма II, у якой было заяўлена, што будучыню Беларусі яны бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Пасля расколу БСГ Я. Лёсік з’яўляўся адным з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У чэрвене 1918 года Я. Лёсік узначаліў Раду БНР. У 1919—1920 гг. супрацоўнічаў з газетай «Звон» і «Беларусь» (апошнюю некаторы час рэдагаваў). Пасля расколу Рады БНР на Найвышэйшую раду БНР і Народную раду БНР Я. Лёсік стаў старшынёй першай.
Пасля заканчэння грамадзянскай вайны Я. Лёсік застаўся ў БССР, адзін з першых заявіў аб прызнанні Савецкай улады. У наступныя гады ад палітычнай дзейнасці адышоў. Займаўся навуковай, культурна-асветніцкай, літаратурнай працай. 3 ліпеня 1921 года ён выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэте БДУ, на беларускіх лектарскіх курсах, у Белпедтэхнікуме. У 1922 годзе абраны сапраўдным членам Інбелкульта, удзельнічаў у рабоце Тэрміналагічнай камісіі (з пачатку 1930 года яе старшыня). Я. Лёсік быў адным з ініцыятараў правядзення Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (лістапад 1926 г.). У 1928 г. Я.Ю. Лёсіка зацверджваюць правадзейным членам Беларускай Акадэміі навук. З 1927 года з'яўляўся дырэктарам Інстытута навуковай мовы.
У 1920-я гады Я.Ю. Лёсік стварыў некалькі падручнікаў па беларускай мове: для школ — «Школьную граматыку», для тэхнікумаў — «Фанетыку», «Марфалогію» і «Сінтаксіс». Апрача гэтага ў перыядычным друку публікаваліся ягоныя публіцыстычныя артыкулы, пераклады, папулярна выкладзеныя навуковыя працы, апавяданні.
Летам 1930 года Я.Ю. Лёсік паехаў у Мацэсту (Каўказ), каб падлячыцца ад ішыясу, набытага ў Сібіры. Там быў арыштаваны па справе неіснаваўшага «Саюза вызвалення Беларусі». У адпаведнасці з прысудам калегіі ОГПУ ад 10.04.1931 г. быў высланы на 5 год у г. Камышын над Волгай. Там працы не знайшоў, таму жыў у г. Нікалаеўскім, выкладаў у педтэхнікуме. Летам 1933 года да яго пераехала сям'я. У лістападзе 1934 года пастановай УЦВК амнісціраваны. Улетку 1935 года прасіў дазволу на вяртанне ў Мінск, але атрымаўшы катэгарычную адмову, пераехаў з сям'ёй на Браншчыну. Год працаваў настаўнікам у Малавышкаўскай школе (ст. Злынка), адкуль наведваўся ў Гомель. Потым яму і тут адмовілі ў працы. Летам 1936 года перасяліўся ў вёску Дубаўка Саратаўскай вобласці, дзе выкладаў у школе. Праз год яму зноў адмовілі ў працы. Восенню 1937 года Я.Ю. Лёсік з сям'ёй пераехаў у г. Аткарск, дзе выкладаў у педтэхнікуме рускую мову і літаратуру. У час ссылкі напісаў сваю апошнюю працу — «Сінтаксіс рускай мовы» для педвучылішчаў. Рукапіс быў забраны ў час вобыску пры апошнім арышце 25 чэрвеня 1938 года. Спачатку Я.Ю. Лёсік адбываў зняволенне ў Аткарскай турме, потым быў пераведзены ў саратаўскую турму. Апошнюю звестку сям'я атрымала ад яго 16 ліпеня 1938 года (гэта была паштоўка, у якой ён развітваўся з сям'ёй). Я.Ю. Лёсіка расстралялі ў саратаўскай турме адразу пасля абвяшчэння пастановы так званай Асобай нарады пры НКУС СССР ад 31.03.1940.
Справа 1938 года спынена Саратаўскім абласным судом у 1958 годзе.
Справа 1931 года спынена судовай калегіяй Вярхоўнага суда БССР у 1988 года.
Літаратурную дзейнасць Я. Лёсік пачаў як празаік. Першы яго апублікаваны твор — пераклад даўнейшай грэчаскай казкі «Геркулес і селянін» (змешчаны ў «Нашай ніве» за 1912 год). Неўзабаве там жа з'явіліся яго допісы і карэспандэнцыі, а ў канцы 1912 года — апавяданне «Ня ўсе ж разам, ягамосьці!» і публіцыстычныя нататкі «Пра лёс беларускага народа і яго мовы». У далейшым Я. Лёсік найболей праявіў сябе як публіцыст, хаця яго прыроджаная адоранасць і разуменне асветніцка-адраджэнцкіх задач тагачаснай беларускай літаратуры выяўляліся то ў вершаваных спробах, то ў больш характэрных для яго празаічных жанрах. У 1921 годзе рыхтаваўся да друку зборнік яго мастацкай прозы «Родныя вобразы», але быў забаронены. Кнігі Я. Лёсіка ў 20-я гады ХХ стагоддзя падвяргаліся значным цэнзурным праўкам.
Прозе Я. Лёсіка ўласціва эпічнасць, імкненне даць разгорнутую характарыстыку тыпажу, багатая палітра вобразна-маляўнічых сродкаў, псіхалагічная праўдзівасць. Асобую ўвагу ён звяртаў на канкрэтыку, дэталі быту, пейзажу. Аднак Я. Лёсіка нельга назваць бытаапісальнікам. Ён па-мастацку выяўляў душу простага беларуса, пазбягаючы пры гэтым тэндэнцыйнасці. Пераклаў на беларускую мову «Маніфест Камуністычнай партыі», перарабіў на сучасную мову «Пінскую шляхту» В. Дуніна-Марцінкевіча. Публіцыстычны талент Я. Лёсіка асабліва яскрава раскрыўся ў 1917—1920 гг., калі ён шмат выступаў у друку па нацыянальным пытанні, якое найбольш востра хвалявала яго ў той час. Менавіта публіцыстыку ставіў Я. Лёсіку ў галоўную заслугу М. Гарэцкі, аднак з жалем дадаваў, што публіцыст у ім, магчыма, міжволі зашкодзіў белетрысту. Гарэцкі падкрэсліваў талент Лёсіка-апавядальніка (асабліва адзначаў яго «Апавяданне без назвы»), вылучаў нацыянальны характар яго творчасці. Праз цяжкія напластаванні доўгатэрміновых рэпрэсіўных забарон і агавораў усё ж прабіліся прарочыя словы М. Гарэцкага пра Я. Лёсіка: «Гэтага слаўнага пісьменніка чакае яшчэ слаўнейшая будучыня».
Папярэдняя старонка 2 Наступная старонка
|