Биобиблиографический указатель 2

Біяграфія вядомага беларускага вучонага, пісьменніка, акадэміка Івана Андрэевіча Пятровіча

 

Янка Нёманскі — літаратурны псеўданім вядомага беларускага вучонага, пісьменніка Івана Андрэевіча Пятровіча. Ён — з пакалення мастакоў, народжанага Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыяй. Творы Я. Нёманскага да гэтага часу амаль не даследаваліся і пасля 20-х гадоў ні разу не перавыдаваліся. А між тым яго апавяданні, аповесці, раманы, шматлікія публіцыстычныя артыкулы маюць несумненную эстэтычную каштоўнасць. Я. Нёманскі разам з іншымі пісьменнікамі пракладваў шляхі беларускай савецкай літаратуры, якая сёння ўзнялася да вышынь сусветнага мастацтва. Ён унёс прыкметны ўклад у нацыянальную прозу аб рэвалюцыі, грамадзянскай вайне. Падзеі, канфлікты, характары людзей, што былі раскрыты аўтарам, значныя і жыццёвыя, выклікаюць зацікаўленасць у нашых сучаснікаў. Перш чым сцвярджаць новую літаратуру, Я. Нёманскі сцвярджаў, змагаўся за новае жыццё. Відавочца і ўдзельнік небывалых падзей эпохі, празаік па-свойму адметна і цікава адлюстроўваў іх у мастацкіх творах, якія паказваюць вялікія магчымасці пісьменніцкіх здольнасцей. Але абставіны склаліся так, што талент Я. Нёманскага не раскрыўся да канца.

Знаёмячыся са спадчынай Я. Нёманскага або іншых беларускіх празаікаў 20–30-х гадоў, мы павінны памятаць, што яны былі першапраходцамі, павінны ўлічваць узровень развіцця літаратуры таго часу зыходзячы з канкрэтна-гістарычных умоў і абставін. Творчасць Я. Нёманскага немагчыма разглядаць без пастаяннай суаднесенасці з эпохай, у якую ён жыў, фарміраваўся як чалавек, грамадскі дзеяч. Актыўны ўдзельнік барацьбы за новае, перадавое, Я. Нёманскі заўсёды знаходзіўся ў самай гушчыні падзей таго бурлівага, рэвалюцыйна-пераўтваральнага часу. Ён адносіўся да беларускай інтэлігенцыі, якая ўласнымі сіламі пракладвала шляхі да вышэйшай адукацыі, не парываючы цеснай сувязі з народам.

Іван Андрэевіч Пятровіч нарадзіўся 31 сакавіка 1890 г. у вёсцы Шчорсы на Навагрудчыне ў беднай сялянскай сям'і. Дзяцінства і юнацтва пісьменніка прайшлі ў цяжкай працы. Маці яго памерла зусім маладой, калі ён быў яшчэ дзіцем. Жыў Іван Андрэевіч з бацькам Андрэем Мікалаевічам і дзедам. Як і ўсе вясковыя падлеткі, рана далучыўся да сялянскай працы, клопатаў сям'і.

Вучыцца пачаў дома ва ўзросце шасці год. Настаўнікамі былі блізкія, родныя людзі — бацька, дзед, дзядзька. Але, як адзначаў пісьменнік у аўтабіяграфіі, «лепшым маім настаўнікам было само жыццё, сама натура. Тое навучанне, якое я атрымаў ад іх, самае дасканалае і не сатрэцца ніколі, пакуль мне выпадзе жыць і працаваць».

Скончыўшы пачатковую школу ў роднай вёсцы, I.А. Пятровіч вырашыў стаць настаўнікам. 3 1909 г., пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, ён працаваў вясковым настаўнікам. Адначасова настойліва папаўняў свае веды, займаўся самаадукацыяй, каб здзейсніць даўнюю мару — паступіць ва універсітэт. Было надзвычай цяжка на той час сялянскаму сыну атрымаць вышэйшую адукацыю. I ўсё ж у1915 г. ён быў залічаны на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага універсітэта. Знаходжанне ў Пецярбургу, вучоба ва універсітэце вельмі шмат далі I.А. Пятровічу ў сэнсе агульнага пашырэння ведаў, выпрацоўкі светапогляду. Ен далучыўся да рэвалюцыйна настроенай моладзі, шмат чытаў марксісцкай літаратуры, вывучаў замежныя мовы — нямецкую, французскую, англійскую. «Вучыцца было нялёгка,— успамінаў пазней I.А. Пятровіч,— бо трэба было змагацца з жыццём, спадзеючыся толькі на свае сілы — дапамогі чакаць не прыходзілася. Але ўпартасць, узгадаваная з дзіцячых гадоў, дапамагала адолець усе прыкрасці жыцця, якія часамі бывалі нязмерна цяжкімі».

Аднак лекцыі ва універсітэце давялося слухаць нядоўга. У 1914 г. пачалася імперыялістычная вайна. 3 другой палавіны 1916 г. I.А. Пятровіч быў мабілізаваны ў царскую армію і пасля школы прапаршчыкаў трапіў на фронт у якасці малодшага афіцэра роты. Тут ён і сустрэў Вялікую Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю. Вярнуўшыся ў Петраград, I.А. Пятровіч працягваў заняткі ва універсітэце, адначасова ўключыўся ў рэвалюцыйную дзейнасць. Складаным, поўным напружанай працы быў яго шлях ад простага вясковага хлопца да вядомага грамадскага дзеяча. Адразу пасля рэвалюцыі I.А. Пятровіч працаваў у Беларускім нацыянальным камісарыяце сакратаром Культурна-асветніцкага аддзела, які ўзначальваў тады Б. Тарашкевіч, а пасля загадчыкам выдавецкага аддзела Белнацкома. На працягу 1918–1920 гг. I.А. Пятровіч з'яўляўся членам Беларускага вольна-эканамічнага таварыства, створанага ў Петраградзе з мэтай развіцця навукі, культуры, народнай гаспадаркі Беларусі. Членамі гэтага таварыства былі Я.Ф. Карскі, А.К. Сержпутоўскі, А.А. Шахматаў і інш. Разам з Ц. Гартным ён выдаваў першую савецкую беларускую газету «Дзянніца» (1918–1919). На яе старонках друкаваліся мастацкія творы Я. Коласа, Ц. Гартнага, А. Гурло, М. Гарэцкага, многіх іншых беларускіх пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў. I.А. Пятровіч таксама змяшчаў шмат артыкулаў, прасякнутых шчырай зацікаўленасцю лёсам роднай Беларусі. Упершыню некаторыя артыкулы ён падпісваў літаратурным псеўданімам — Я. Нёманскі.

У ліпені 1918 г. адбыўся Усерасійскі з'езд бежанцаў Беларусі, удзельнікам і сакратаром якога быў I.А. Пятровіч. Дэлегаты з'езда паслалі Старшыні Савета Народных Камісараў таварышу У.I. Леніну запрашэнне, якое было падпісана I.А. Пятровічам. На запрашэнні ёсць паметкі, зробленыя рукой Уладзіміра Ільіча.

Гэта актыўная праца I.А. Пятровіча была перарвана, калі ў 1918 г. стварылася пагроза рабочаму Петраграду з боку белафінаў і генерала Юдзеніча. I.А. Пятровіч у радах Чырвонай Арміі мужна змагаўся супраць ворага, абараняючы заваёвы рэвалюцыі. Пасля ён быў накіраваны на Заходні фронт, прайшоў усю Беларусь, удзельнічаў у баях за вызваленне Мінска ад інтэрвентаў. Да канца грамадзянскай вайны I.А. Пятровіч як камандзір Чырвонай Арміі прымаў непасрэдны ўдзел у баях. Ваенная служба прымусіла яго пабываць там, куды ніколі не спадзяваўся трапіць: на Карэльскі, Петраградскі, Польскі франты, пад Нарву і Варшаву, у Сібір і на Далёкі Усход, дзе ваяваў у арміі М.М. Тухачэўскага. Сустрэчы з рознымі людзьмі, удзел у вялікіх падзеях веку, глыбокі роздум над імі — усё гэта не прайшло бясследна для ўдумлівага, назіральнага чалавека, якім быў I.А. Пятровіч.

Аб пісьменніках, якія ўліліся ў літаратуру адразу пасля рэвалюцыі, А.В. Луначарскі пісаў: «Куды толькі ні кідала іх жыццё, чаго толькі яны не перажылі! У адну нядзелю зведалі яны больш, чым іншы вядомы пісьменнік за ўсё сваё жыццё ў мінулыя гады. Усе жахі вайны імперыялістычнай, усю шматскладанасць, усю горкую гераічную сімфонію вайны грамадзянскай і адначасова з гэтым цяжкія, уражлівыя карціны напружання нашага тылу — дзеля таго, каб не здаць заваёў рэвалюцыі нашмат мацнейшаму ворагу. Амаль кожнага з іх жыццё кідала з поўначы на поўдзень — ці чырвонаармейцам, ці савецкім служачым..., якога насілі віхуры ўзбударажанай атмасферы». Гэтыя словы цалкам можна аднесці і да лёсу Я. Нёманскага.

Скончылася грамадзянская вайна. У краіне пачынаецца вялікая праца па перабудове жыцця народа на новай, сацыялістычнай аснове. Для разгортвання дзяржаўнага і культурнага будаўніцтва на Беларусі патрэбны былі людзі, якія б добра ведалі мову, культуру, звычаі народа. Вярнуўшыся ў 1922 г. на радзіму, I.А. Пятровіч, чалавек надзвычай шырокіх інтарэсаў і эрудыцыі, усе свае веды, свой вопыт аддае справе будаўніцтва сацыялістычнай гаспадаркі і нацыянальнай культуры. Ён быў накіраваны ў планава-эканамічныя органы рэспублікі. I.А. Пятровіч стаў членам ЦВК БССР, адказным сакратаром Эканамічнага савета, затым намеснікам старшыні Дзяржплана БССР, абіраўся дэлегатам VIII Усебеларускага з'езда Саветаў.

1922 г. быў наогул знамянальным для I.А. Пятровіча. Першы нумар грамадска-палітычнага і літаратурнага часопіса «Полымя», які пачаў выходзіць з 1922 г., адкрывала яго апавяданне «Над Кроманню». I затым ужо амаль штогод мастацкія творы пісьменніка друкаваліся ў перыядычных выданнях, выходзілі асобнымі кніжкамі, перакладаліся на рускую, укра-інскую, польскую мовы.

I.А. Пятровіч прымаў актыўны ўдзел у рабоце Інбелкульта. Пасля заснавання Беларускай Акадэміі навук (1928, снеж.) абіраецца яе правадзейным членам, пазней – неадменным сакратаром. Адначасова з ім першымі акадэмікамі Беларускай Акадэміі сталі вядомыя пісьменнікі, вучоныя, грамадскія дзеячы: Я. Купала, Я. Колас, Ц. Гартны, В. Пічэта, С. Вальфсон, I. Замоцін. 1 студзеня 1929 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё Беларускай Акадэміі навук. У 1931 г. быў абраны новы прэзідыум. I.А. Пятровіч становіцца членам прэзідыума БАН, вучоным сакратаром Інстытута эканомікі. У гэты час ён актыўна выступаў у перыядычным друку з артыкуламі па пытаннях гісторыі, эканомікі, культуры Беларусі. Асабліва востра ў іх ставілася праблема падрыхтоўкі нацыянальных кадраў.

Яшчэ ў 1918 г. у Маскве быў выдадзены першы зборнік твораў беларускіх пісьменнікаў, дзе Я. Нёманскі змясціў артыкул, у якім пісаў: «Сучаснае наша пакаленне мае вялікую чэсць быць стваральнікам новага жыцця; наш час — час перабудовы ўсяго таго дзяржаўнага і культурнага ўкладу, які важкім каменем ляжаў на кожным працоўным чалавеку Расіі, беларуса ён прыгнятаў асабліва цяжка. 3 глыбокаю вераю ў сваё шчасце, якога ўжо адгэтуль не можа адабраць у нас ніякі дармаед, мы смела і проста будзем глядзець у сваю будучыню». I далей, разгортваючы праграму культурнага будаўніцтва ў рэспубліцы, Я. Нёманскі канстатаваў: «Беларусь бедная сапраўднай інтэлігенцыяй. У Беларусі не было вышэйшых навучальных устаноў, беднасць беларуса пазбаўляла яго магчымасці вучыцца хоць бы ў расійскіх універсітэтах, а тыя, хто меў магчымасць вучыцца, былі адарваны ад народа, яго мовы, духоўнага свету і запатрабаванняў беларуса. Каб гэта адарванасць згладзілася, трэба вялікая колькасць вучэбных устаноў, куды шырока былі б адкрыты дзверы для дзяцей народа, па-другое, выкладанне ў іх вялося б на роднай беларускай мове, з увядзеннем у кола агульных навук вывучэння літаратуры, нораваў і звычаяў Беларусі, яе нацыянальных асаблівасцей, гісторыі і прыроды краіны. Са спалучэння простай народнай душы са святлом навук запалымнее яркая зорка шматпакутнай Беларусі».

I.А. Пятровіч не толькі ставіў злабадзённыя пытанні ў навуковых працах. Ён, як толькі мог, садзейнічаў росквіту роднага краю, перадаваў свае веды, рыхтуючы кадры для розных галін культуры, навукі, прамысловасці. Нягледзячы на вялікую загружанасць у Дзярж'плане БССР, абавязкамі акадэміка, грамадскай, пісьменніцкай дзейнасцю, I.А. Пятровіч адначасова прымаў самы непасрэдны ўдзел у навучанні студэнтаў. 3 1933 па 1936 гг. ён працаваў у Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі, які адкрыўся ў рэспубліцы, загадваў там кафедрай фінансавых дысцыплін.

На мастацкіх творах Я. Нёманскага вучыліся дзеці пачатковых і сярэдніх школ, некаторыя яго апавяданні ўключаліся ў зборнікі мастацкай самадзейнасці. У 1926 г. быў выдадзены «Дапаможнік для 7-гадовых школ, тэхнікумаў», дзе побач з творамі вядомых беларускіх пісьменнікаў былі змешчаны апавяданне Я. Нёманскага «Тодар Базылёнак», а таксама аўтабіяграфія пісьменніка, спецыяльна ім напісаная для гэтага дапаможніка, і кароткая характарыстыка яго творчасці.

Літаратурная спадчына Я. Нёманскага вялікая. Акрамя артыкулаў, надрукаваных у «Дзянніцы» («Беларуская рэспубліка», «Бежанскае пытанне», «Інтэрнацыяналізм і нацыяналізм», «Адна з чародных задач Радавае Беларусі», «Рэвалюцыйная праца на Беларусі», «Значнасць апавяшчэння Беларусі Радаваю Рэспублікай», «Будучыня сялянскай гаспадаркі на Беларусі» і інш.), у 20-я гады ім было напісана шмат іншых навуковых прац, якія б маглі скласці не адзін том. У артыкулах ставіліся надзённыя праблемы таго напружанага перыяду ў жыцці краіны, якая пераходзіла пасля грамадзянскай вайны да аднаўлення разбуранай гаспадаркі і будаўніцтва новага, сацыялістычнага ўкладу. Я. Нёманскі выяўляў уменне вылучаць самыя неадкладныя пытанні, прыводзіў пераканаўчыя доказы, рабіў абгрунтаваныя вывады адносна сацыяльнага, культурнага напрамку развіцця рэспублікі. Асаблівую цікавасць выклікаюць працы, прысвечаныя экамамічнаму становішчу Беларусі, развіццю яе гісторыі, культуры. Яны змяшчаліся на старонках часопісаў «Чырвоны шлях», «Полымя», «Народная гаспадарка Беларусі», «Савецкае будаўніцтва». У артыкуле «Будучыня сялянскай гаспадаркі на Беларусі» Я. Нёманскі задоўга да арганізацыі калгасаў прадбачліва абгрунтаваў неабходнасць супольнага, калектыўнага валодання зямлёй. «Толькі агульнаю працай суполкі ці камуны можна будзе пашыраць значны пляц карыснай зямлі. Дробная сялянская гаспадарка не мае ярамысловых мэт, яна толькі абслугоўвае сама сябе. Адзіным спосабам дзеля пашырэння сялянскае гаспадаркі праз гэта і з'яўляецца камунальны ці суполкавы ўстрой яе».

Паляпшэнне жыцця сялянства Я. Нёманскі бачыць у карэннай перабудове аднаасобніцкага жыцця, якое існавала на працягу многіх стагоддзяў. Свае думкі, ідэі адносна гэтай праблемы ён развіў у артыкулах: «Эканамічнае становішча Беларусі», «Адзіны падатак і сялянская гаспадарка», «Аб планаванні мясцовай гаспадаркі», «Дзяржаўная прамысловасць Беларусі», «Нацыянальныя задачы Беларусі» і інш.

У гэтых шматлікіх артыкулах Я. Нёманскі як бы назапашваў назіранні, розныя факты з жыцця народа, якія потым выкарыстаў у мастацкіх творах. Ужо ў гэтых публіцыстычных нарысах, дакладных замалёўках акрэсліваюцца важныя для пісьменніка думкі, ідэі, асабістае стаўленне да многіх надзённых праблем сучаснай яму рэчаіснасці.

Разнастайная навуковая, дзяржаўная і грамадская дзейнасць не перашкаджала пісьменніку займацца мастацкай творчасцю, удзельнічаць у літаратурным жыцці рэспублікі. Я. Нёманскі быў членам праўлення аб'яднання «Полымя» (1927–1932). Блізкія сяброўскія адносіны складваюцца ў яго з Я. Купалам, Я. Коласам, Ц. Гартным. Калі ў маі 1930 г. грамадскасць Беларусі святкавала дваццаціпяцігоддзе літаратурнай дзейнасці народнага паэта Янкі Купалы, юбіляра вітаў Я. Нёманскі. Неаднаразова ў саставе дэлегацый ён выязджаў у Маскву, Ленінград для азнаямлення з працай культурных устаноў, рабочых калектываў, удзелу ў тыдні Савецкай Беларусі (1931). У Маскве ён сустракаўся з М.I. Калініным, А.В. Луначарскім.

Адзначаючы 40-годдзе з дня нараджэння Я. Нёманскага, літаратурная грамадскасць Беларусі 25 сакавіка 1930 г. наладзіла творчы вечар. К гэтаму часу Я. Нёманскі стаў вядомым празаікам, аўтарам многіх апавяданняў, аповесці, рамана. Першы зборнік апавяданняў Я. Нёманскага («Апавяданні») выйшаў у 1925 г., а ў 1928 г. ён быў перавыдадзены пад назвай «На зломе». Апавяданні гэтага зборніка ў перакладзе К. Якоўчыка на рускую мову былі надрукаваны ў Ленінградзе ў 1930 г. Кніга выйшла пад назвай «На зломе» з уступным артыкулам С. Замбржыцкага. Аповесць «Партызан» і раман «Драпежнікі» друкаваліся на старонках часопіса «Полымя» ў 1927–1930 гг.

У асабістым жыцці Я. Нёманскі быў надзвычай сціплым, працавітым чалавекам. Свае мастацкія творы ён пісаў у асноўным дома, у вольны ад шматлікіх грамадскіх абавязкаў час. «Калі бацька працаваў дома,— успамінае дачка пісьменніка Лідзія Іванаўна Міхайлава,— то часта можна было назіраць, як ён безупынна хадзіў па пакоі са стаканам чаю ў руцэ. Гэта была яго манера абдумваць што-небудзь. У бацькі была цудоўная бібліятэка, добра падабраная руская, нямецкая, французская, англійская класіка, кнігі па мастацтву, прычым рэдкіх выданняў. Збіранне кніг было адным з яго захапленняў. Часта ён чытаў нам, дзецям (іх у сям'і Пятровічаў было трое.— Л. С.), вершы свайго любімага пісьменніка Я. Коласа на беларускай мове, вершы Генрыха Гейнэ — на нямецкай, якой добра валодаў, творы А.П. Чэхава, I.С. Тургенева.

Памятаю, што мы бывалi ў дамах Я. Купалы, Я. Коласа, мы (дзеці) вельмі сябравалі з дзецьмі Д.Ф. Жылуновіча (Ц. Гартнага), відаць, і нашы бацькі таксама знаходзіліся ў сяброўскіх адносінах. Любіў бацька гарадкі, але болын за ўсё любіў лес, захапляўся зборам грыбоў, быў непераўзыдзеным майстрам гэтай справы».

Жыццё I.А. Пятровіча трагічна абарвалася ў 1937 г.

 

Предыдущая страница    2    Следующая страница

1 2 3 4 5 6 7 8 910