Біябібліяграфічны паказальнік | 2
|
Біяграфія акадэміка Беларускай АН
Вацлава Юсцінавіча Ластоўскага
Псеўданімы: Вацлаўскі, Власт, Ю. Верашчака, Юры Верашчака, Ласт., В. Ласт., Уласт, Арцём Музыка, Сваяк, Vегіtаtіs, Міlеs, Wlast, Peregrinus.
Вацлаў Юсцінавіч Ластоўскі нарадзіўся 27.10.1883 (8.11.1883) ў засценку Калеснікава цяперашняга Глыбоцкага раёна ў беднай каталіцкай сям'і. Бацькі, Юсцін і Ганна Ластоўскія, паходзілі з дробнай беззямельнай шляхты, працавалі на арандаванай зямлі. «Мой бацька — земляроб, дзед — каваль, а прадзед — бортнік»,— вызначаў В. Ластоўскі свой родавод (Пісьмо да А. Багдановіча 22.5.1934. Інстітут литаратуры АН Беларусі).
Закончанай адукацыі В. Ластоўскаму атрымаць не ўдалося. Першай граматай авалодаў дома. Скончыў на радзіме Пагосцкую пачатковую школу. Ёсць звесткі, што нейкі час вучыўся ў Дзісенскім павятовым вучылішчы, пазней працаваў хлопчыкам на паслугах у віннай краме ў Вільні, канцылярыстам у г. Шаўлі. Трапіўшы ў Пецярбург, уладкаваўся бібліятэкарам у студэнцкую бібліятэку і адначасова, паводле яго ўспамінаў, «зайцам» наведваў лекцыі ва універсітэце. У 1902 уступіў у Польскую сацыялістычную партыю ў Літве (ППС у Літве), якая вяла работу і ў заходняй частцы Беларусі. У 1903 ажаніўся з літоўскай пісьменніцай Марыяй Іваноўскай (Ладзіну Пяледа), якая працавала тады ў Пецярбургу ў чытальні польскіх сацыялістаў. Жыў нейкі час на жончынай радзіме ў мяст. Парагяй на поўначы Літвы (цяпер Акмянскі р-н) і ў Рызе, дзе працаваў канторшчыкам на таварнай чыгуначнай станцыі.
У 1906 спрабаваў у Рызе здаць экзамены на атэстат сталасці, але, паводле ўласных слоў, «зрэзаўся на рускай мове», махнуў рукой на атэстаты і дыпломы, заняўся самаадукацыяй. У гэты час ён актыўна ўключыўся ў беларускі нацыянальны грамадскі і культурны рух. У 1906-08 уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ). Уступленне ў Грамаду ў вялікай ступені вырашыла яго далейшы лёс. У 1909 годзе адны з заснавальнікаў БСГ Антон і Іван Луцкевічы разам з афіцыйным выдаўцом газеты «Наша ніва» Аляксандрам Уласавым запрасілі Вацлава Ластоўскага на сталую працу ў рэдакцыю выдання. Пяць гадоў працы сярод лепшых прадстаўнікоў тагачаснай беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, у ліку якіх былі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Цішка Гартны, Алесь Гарун, Алаіза Пашкевіч (Цётка), і «зрабілі» з яго таго самага Ластоўскага, які пакінуў свой адметны след у нашай кулыуры, асвеце, грамадскім жыцці.
З 3 сакавіка 1909 ён – сакратар рэдакцьгі «Нашай нівы» і загадчык першай беларускай кнігарні ў Вільні. У «Нашай ніве» і іншых беларускіх выданнях змяшчаў публіцыстычныя і крытычныя артыкулы, артыкулы на гістарычныя тэмы, апавяданні, пазней і вершы. Ён збіраў і публікаваў матэрыялы па гісторыі беларускай літаратуры (артыкул «Памажыце!»), этнаграфічныя і гістарычныя матэрыялы. У 1910 выдаў «Кароткую гісторыю Беларусі» — першую папулярную абагульняючую працу па нацыянальнай гісторыі на беларускай мове. У прадмове да гэтай кнігі ён пісаў: «Гісторыя — гэта фундамент, на каторым будуецца жыццё народа. I нам, каб адбудаваць сваё жыццё, трэба пачаць з фундамента, каб будынак быў моцны». Быў знаёмы з многімі прадстаўнікамі літоўскага культурнага руху, што садзейнічала збліжэнню беларускай і літоўскай інтэлігенцыі. Кватэра Ластоўскіх у Вільні на вул. Завальнай, 7 (там жа размяшчалася і беларуская кнігарня), стала своеасаблівым клубам, дзе збіраліся беларускія і літоўскія пісьменнікі.
Быў блізкі з М. Багдановічам, актыўна перапісваўся з ім, знаёміў яго з Вільняй падчас прыезду з Яраслаўля (1911), дапамог яму ўкласці і выдаць зборнік вершаў «Вянок». М. Багдановіч высока цаніў В. Ластоўскага і яго творчасць, прысвяціў яму свой верш «Ліст да п. В. Ластоўскага». У артыкуле «За тры гады» М. Багдановіч пісаў: «Власт надрукаваў усяго 3-4 рэчы, але кожную можна ўзяць за прыклад, як трэба пісаць». Адначасова М. Багдановіч адзначаў уплыў на В. Ластоўскага моднага тады мадэрнізму. Я. Купала прысвяціў Вацлаву і Марыі Ластоўскім верш высокага патрыятычнага гучання «Песня званара» (1909), выхад «Кароткай гісторыі» вітаў вершам «Дудар» (1910).
У літаратурных дыскусіях таго часу В. Ластоўскі заняў адметную эстэтычную пазіцыю, заклікаючы пісьменнікаў апяваць найперш красу жыцця. Крытыкай рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку (Я. Купала, Л. Гмырак) гэта было расцэнена як спроба прыглушыць сацыяльнае гучанне маладой беларускай літаратуры, адарваць яе ад сапраўдных патрэб народа. Пасля акупацыі Вільні кайзераўскімі войскамі (1915) Ластоўскі падтрымліваў праект дзяржаўнай «Канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага» (Беларусі і Літвы) у саюзе з Германіяй. У 1915 спрабаваў стварыць партыю «Хрысціянская злучнасць». Ён адзін з аўтараў «Меморыі прадстаўнікоў Беларусі», у якой даводзіліся правы беларускага народа на нацыянальна-дзяржаўнае развіццё і якая была прадстаўлена на міжнародную канферэнцыю ў Лазане (Швейцарыя, 1916). У гэты ж час ён выдаў шэраг беларускіх школьных падручнікаў і хрэстаматый. У 1916-17 рэдагаваў газету «Гоман», у 1918 выдаваў у Вільні часопіс «Крывічанін». Ён падтрымліваў урад Беларускай народнай рэспублікі (БНР), абвешчанай у сакавіку 1918.
У канцы 1918 Ластоўскі ўзначаліў Беларускае прадстаўніцтва пры літоўскай Тарыбе, потым быў беларускім аташэ пры літоўскім пасольстве ў Берліне. Пасля абвяшчэння БССР (1.1.1919) ён шукаў падтрымкі сваіх палітычных планаў у Берліне. 3 1919 ён уваходзіў у партыю беларускіх эсэраў, са снежня 1919 узначальваў Народную раду (эсэраўскую) БНР, якая адмовілася супрацоўнічаць з белапалякамі. В. Ластоўскі быў кінуты польскімі ўладамі ў астрог. У лютым 1920 яму дазволілі выехаць з Польшчы ў Літву. Знаходзячыся ў эміграцыі, В. Ластоўскі ўдзельнічаў у арганізацыі ў Заходняй Беларусі партызанскага руху супраць белапалякаў.
У вынику пдписання Рыжскага міру 12 ліпеня 1920 года пад Польшчу былі аддадзены спрадвечна беларускія землі з гарадамі Вільня, Гродна, Ліда, Браслаў і інш., у прамове ў Жэневе на V Асамблеі Лігі Нацый ён скажа:
«Палякі высякаюць беларускія адвечныя пушчы і грошы за лес беларускі бяруць сабе.
Палякі забіраюць лепшыя беларускія землі і раздаюць прыблудам, якіх надсылаюць з Польшчы.
Палякі абіраюць беларускі народ цяжкімі падаткамі, данінамі і паборамі ды акцызамі.
Палякі паслалі на Беларусь сваё чыноўніцтва, паліцыю і войска, якіх павінен карміць паняволены беларускі народ.
Палякі ўсіх тых, хто не маўчаў на польскія крыўды і здзекі, пасадзілі ў турмы і іх налічаюць тысячамі.
Палякі рукамі сваёй паліцыі б'юць і катуюць беларусаў, ды такімі спосабамі, аб якіх ужо даўно былі забыўшыся людзі на свеце.
Палякі завялі на беларускай зямлі чужую беларусам польскую мову...»
Гэта было не выступленне, а сапраўдны крык душы патрыёта-беларуса перад прадстаўнікамі сусветнай грамадскасці. Але да яго слоў не прыслухаліся, і наша тэрыторыя амаль што два дзесяцігоддзі заставалася пад польскім гнётам і здзекам.
Тады ж на беларускай канферэнцыі ў Рызе вакол урада В. Ластоўскага быў створаны блок беларускіх партый для барацьбы супраць Савецкай улады за незалежную Беларусь. У сувязі з гэтым В. Ластоўскі быў выключаны (фармальна) з партыі эсэраў, якія ў гэты перыяд падтрымлівалі Савецкую ўладу.
У верасні 1920 пад уплывам часовага поспеху польскіх войск на Заходнім фронце кіраўніцтва партыі беларускіх эсэраў паспрабавала ўстанавіць кантакт з польскімі інтэрвентамі. Як кіраўнік урада БНР В. Ластоўскі афіцыйна звярнуўся да Ю. Пілсудскага з прапановай выступіць аб'яднанымі сіламі супраць Чырвонай Арміі. За гэту паслугу ён патрабаваў стварэння Беларускай дзяржавы на федэратыўных пачатках з Польшчай. Пасля падпісання папярэдніх умоў міру паміж Савецкай Расіяй і Польшчай (кастрычнік 1920) В. Ластоўскі ў афіцыяльным пасланні мірнай канферэнцыі ў Парыжы прасіў краіны Антанты аказаць дапамогу ўраду БНР «у яго барацьбе за вызваленне Беларусі».
Пераканаўшыся ў бесперспектыўнасці далейшай барацьбы, В. Ластоўскі ў красавіку 1923 выйшаў з урада БНР і неўзабаве адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці. У 1923-27 ён выдаваў у Каўнасе літаратурна-навуковы часопіс «Крывіч», надрукаваў некалькі падручнікаў. У 1924 выдаў капітальны для свайго часу руска-беларускі слоўнік (матэрыялы збіраў з 1902), у 1926 — сваю самую буйную навуковую працу — «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» — грунтоўны агляд усяго беларускага пісьменства да 18 ст. ўключна. На думку спецыялістаў, гэта і да сённяшняга часу «адна з найбольш салідных кніг ва ўсёй гісторыі беларускага літаратуразнаўства» (Казбярук У. 3 клопатам пра спадчыну // ЛіМ. 1988. 24 чэрв.). Тады ж В. Ластоўскі напісаў для Інбелкульта і пераслаў у Мінск каштоўныя ўспаміны пра М. Багдановіча і іншыя матэрыялы. У красавіку 1927 урад Савецкай Беларусі дазволіў В. Ластоўскаму вярнуцда ў Мінск, дзе яму былі створаны ўмовы для навуковай работы. Ён стаў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, працаваў у Інбелкульце. Як акадэмік (з 1928) і неадменны сакратар АН БССР садзейнічаў развіццю навукі на Беларусі. Напісаў каларытныя ўспаміны пра нашаніўскі перыяд, пра Я. Купалу (1928, засталіся ў рукапісе), уваходзіў у камісію па рэформе беларускага правапісу (1927-29).
...20 кастрычніка 1929 года газета «Звязда» апублікавала пастанову Савета Народных Камісараў БССР «Аб аслабаненні акадэміка Ластоўскага В.У. ад абавязкаў неадменнага сакратара Беларускае акадэміі навук і акадэміка Некрашэвіча С.М. ад абавязкаў віцэ-прэзыдэнта Беларускае акадэміі навук». Падстава? Публікацыя артыкула «ворага Савецкай улады» Я. Станкевіча: маўляў, В. Ластоўскі не толькі дазволіў друкаваць артыкул, але і адрэдагаваў яго...
У кастрычніку 1929 ён вызвалены з пасады неадменнага сакратара АН БССР, а 10 красавіка 1930 пазбаўлены звання акадэміка і высланы на 5 год за межы Беларусі. Працаваў у Саратаве ва універсітэцкай бібліятэцы загадчыкам аддзела рэдкай кнігі і рукапісаў. Працягваў займацца навуковай работай. У прыватнасці, у 1934 пісаў у Яраслаўль А. Багдановічу, што знайшоў у Саратаўскай бібліятэцы невядомыя пушкінскія дакументы. Паўторна арыштаваны 20 жніўня 1937-га, а 23 студзеня 1938 года Ваенная калегія Вярхоўнага Суда СССР прыгаварыла «агента польскай разведкі і ўдзельніка нацыянал-фашысцкай арганізацыі» В.Ю. Ластоўскага да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу. Паводле сцверджанняў Я. Дылы, загінуў пры ўзрыве ў Магадане. Рэабілітаваны па першым прыгаворы 10 чэрвеня 1988, па другім — 16 верасня 1958, адноўлены ў званні акадэміка ў 1990.
Літаратурныя творы В. Ластоўскага ў нашым літаратуразнаўстве не разглядаліся, крытычныя і навуковыя працы да апошняга часу згадваліся пераважна з пункта погляду наяўных у іх памылак. Вацлаў Ластоўскі пакінуў пасля сябе больш чым 300 публіцыстычных твораў, у якіх паўстае як бліскучы журналіст. Ён вывучаў і даследаваў старажытную беларускую літаратуру, гісторыю і мову Бацькаўшчыны. Напісаў таксама гістарычную аповесць «Лабірынты», «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік», «Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі», успаміны пра Я. Купалу, М. Багдановіча, С. Палуяна, артыкулы пра П. Багрыма, К. Каліноўскага, В. Цяпінскага, зрабіў пераклады твораў А. Талстога, Э. Ажэшкі, Р. Кіплінга, Х.-К. Андэрсена... Яго рукапісныя матэрыялы часткова захоўваюцца ў дзяржаўных, часткова ў прыватных сховішчах.
Вацлаў Ластоўскі аднолькава плённа і вынікова шчыраваў у гістарычнай і мовазнаўчай навуках, літаратуразнаўстве, публіцыстыцы і прыгожым пісьменстве... А яшчэ ён быў таленавітым палітыкам: партыйным актывістам і дыпламатам, а таксама арганізатарам навукі...
Папярэдняя старонка 2 Наступная старонка
|